РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (РАМ),
вышэйшая навукова-творчая арганізацыя мастакоў і архітэктараў Расіі. Створана ў Маскве ў 1992 на базе б. АМ СССР (з 1947). Размяшчаецца ў б. асабняку І.Марозава (Марозаўскай галерэі), пабудаваным ў сярэдзіне 18 ст. (у 1870—71 перабудаваны ў духу неабарока, арх. А.Камінскі). Мае аддзяленні: жывапісу, графікі, скульптуры, дэкар. мастацтваў, архітэктуры, мастацтвазнаўства і маст. крытыкі. У сістэму РАМ уваходзяць таксама Акад. маст. ін-т імя В.Сурыкава з Акад. маст. ліцэем імя М.Томскага, НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў (усе ў Маскве), Акад. ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна з Акад. маст. ліцэем імя Б.Іагансона, з філіяламі (Музей-сядзіба Рэпіна «Пенаты», Музеі ў кватэра І.Бродскага, музеі-майстэрні П.Чысцякова, А.Куінджы, С.Канёнкава, Дз.Налбандзяна), навук.-бібліягр. архіў (усе ў Пецярбургу), навук. б-ка ў Пецярбургу з філіялам у Маскве, рэгіянальнае аддзяленне «Урал, Сібір, Далёкі Усход» з цэнтрам у Краснаярску, творчыя майстэрні, лабараторыі. Праводзіць выстаўкі рас. і замежных мастакоў.
Т.В.Пешына.
т. 13, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)